І́НДА ДАЛІНЫ ЦЫВІЛІЗА́ЦЫЯ,

старажытная цывілізацыя 3—2-га тыс. да н.э. ў даліне р. Інд (ПнЗ Пакістана). Гал. цэнтры — Харапа і Махенджа-Дара. Аснова гаспадаркі — земляробства і жывёлагадоўля. Да 2300 да н.э. цывілізацыя дасягнула высокага ўзроўню развіцця, у гарадах упершыню выкарыстаны сеткавы прынцып планіроўкі, шырока ўжывалася сістэма дрэнажу, выраблялася абпаленая цэгла. Выяўлены грамадскія сховішчы прадуктаў харчавання, у Махенджа-Дара раскапаны лазні, зала сходаў. Шырока выкарыстоўваліся іерагліфічнае пісьмо, стандартныя меры вагі і даўжыні, вырабляліся тэракотавыя жаночыя статуэткі. Да 1700 да н.э. ў культуры цывілізацыі стаў прыкметны заняпад, якому садзейнічалі частыя навадненні, выкліканыя разлівамі Інда. Канчаткова І.д.ц. загінула ў выніку ўварванняў звонку.

Да арт. Інда даліны цывілізацыя Махенджа-Дара. Скульптура барадатага жраца.

т. 7, с. 225

Беларуская Энцыклапедыя (1996—2004, правапіс да 2008 г., часткова)